Пра зайца, ваўка і мядзведзя - Тодар Кляшторны
Зімовая казка Тодара Кляшторнага «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» з ілюстрацыямі Кацярыны Сцяжко – скарб на кожнай беларускай паліцы. Але мы перакананыя, што акурат на паліцы гэтая кніга не затрымаецца – асабліва калі трапіць у дом, дзе гадуюць беларусачак і беларусікаў. Вельмі прывабная, а яшчэ з дадаткам – вялікаю маляванкаю, дзякуючы якой дзіця спазнае насельнікаў беларускага зімовага лесу! – казка не раз авалодае ўвагаю малечы. Кнігу-гармонік на 8 старонак з цёплымі пазнавальнымі ілюстрацыямі беларускае мастачкі можна аднесці да папулярнага прыкладу развівальнае кнігі-кеміку, або па-нямецку – вімэльбух. У такіх кнігах мала ці зусім няма тэксту, затое яны напоўненыя дэталямі, развіваюць уяўленне і маўленне дзіцяці. Цудоўны варыянт як для супольнага баўлення часу, гэтак і самастойнага спазнавання свету малечаю. Але непаўторнасць гэтае зімовае казкі – вімэльбуху – у тым, што кніга вяртае з небыцця новаму беларускаму пакаленню асобу Тодара Кляшторнага, жыццё якога трагічна абарвалася ў кастрычніцкую ноч 1937 году. Казку аўтар напісаў у 1934-м – атмасферы страху і творчага цкавання. Застаючыся таленавітым прыкладам дзіцячае літаратуры, кніга паміж радкоў вучыць не толькі законам прыроды.
Выдавецтва: Slowianka
Год выдання: 2023
Ілюстрацыі: Кацярына Сцяжко
55zl
Каток-пестунок